У Беларускай дзяржаўнай філармоніі — чарговая “Мінская вясна”. Сёлета гэты фестываль праходзіць у 39-ы раз і, як заўжды, уключае шмат цікавінак. Сярод іх аўтарская вечарына кампазітара Вячаслава Кузняцова — заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі. Імпрэзу зладзіў ансамбль салістаў “Класік-Авангард” у рамках цыкла канцэртаў “Ад вытокаў да сучаснасці”, прысвечанага музыцы айчынных творцаў.
Ансамбль “Класік-Авангард”, заснаваны ў пачатку 1990-х Уладзімірам Байдавым (узначальваў калектыў да 2021-га), увесь час спецыялізаваўся на старадаўняй і найноўшай беларускай музыцы. Цяперашні кіраўнік Людміла Каліноўская з любоўю да працы і адданасцю працягвае тыя традыцыі, удасканальваючы ў іх асветніцкі складнік, скіраваны на самую шырокую публіку. Ды ўсё ж галоўным было не тое, што азначаюць словы “партыта” ці “бестыярый”, вынесеныя Вячаславам Кузняцовым у назвы работ, а ўласна яго музыка. Вечарына дазволіла звярнуць увагу на некаторыя адметнасці творчасці кампазітара — да прыкладу, на прапанаваныя ім прынцыпы цыклічнасці, новыя для ўсёй нацыянальнай музычнай культуры.
Тыя ж сюіты спрадвеку будаваліся на кантрасце частак, і аўтары шукалі, як з асобных п’ес скласці цэласны малюнак. Кузняцоў не баіцца абыходзіцца без знешняга кантрасту, у “Бестыярыі”, “Акварыуме”, “Бельгійскай сюіце” скарыстоўвае чараду павольных нумароў, у якіх паслядоўна развіваецца адна і тая ж думка. Думка — вось тое кодавае слова, што дазваляе сачыць за такім паступовым разгортваннем з не меншай, а то і большай цікавасцю, чым за звычайнай кантраснай драматургіяй.
Усе згаданыя цыклы-сюіты могуць быць прыдатныя не толькі для канцэртнага, але і для хатняга выканання — таксама новага тыпу музіцыравання, у якім галоўным становіцца не паўтор вядомай мелодыі, а выказванне настрою праз асобныя лініі-плямы. Акурат як у нейраграфіцы. У кожную з п’ес кампазітар падкідвае зерне і пачынае яго прарошчваць, ды спыняецца на самым захапляльным моманце, як у дэтэктыве, — нібыта для таго, каб слухачы працягнулі фантазіраваць самі ў думках ці на інструменце. Дарэчы, менавіта так бавіла час беларуская шляхта: кожны ўмеў іграць на некалькіх інструментах, і дзякуючы падобным імправізацыям нараджаліся новыя творы Радзівілаў, Агінскіх, прадстаўнікоў іншых магнацкіх родаў. Невыпадкова згаданая “Бельгійская сюіта” мае падзагаловак “П’есы для задавальнення і адпачынку” і нагадвае своеасаблівую гутарку кларнета і фартэпіяна. Галоўным у ёй становіцца не абмеркаванне важнай тэмы, а сама па сабе сяброўская атмасфера, якая схіляе да нязмушанасці і спакою.
Кіраўнік ансамбля "Класік-Авангард" Людміла Каліноўская
Цікава і тое, што пры такім адчуванні вольнага палёту ўсе работы Кузняцова — дакладна вывераныя канструкцыі, падпарадкаваныя калі не матэматыцы, дык сімволіцы лічбаў.
“Сярэднявечная музыка” і іншыя творы, прысвечаныя беларускай даўніне, вылучаліся ўласцівым таму часу лінеарным, “гарызантальным” музычным мысленнем, калі ўся ўвага засяроджана не на “шматпавярховых” акордавых вертыкалях, а на строгім інтанацыйным руху, далёкім ад звыклай песеннасці.
“Харал для Пятра Ільіча”, напісаны ў гонар Чайкоўскага, аказаўся зусім не харалам, а крыкам збалелай душы, парывы якой гасяцца стрыманымі акордамі царкоўнага змірэння і праваслаўнай звонавасцю. “Калыханку”, у якой чуліся абрысы народнай “Спі, сыночак міленькі”, хацелася перай- менаваць у “Закалыхванне наадварот”. Не сакрэт, што многія калыханкі прыходзяць ад “баю-бай” да расповеду пра драматычнасць лёсу, што адлюстравана, напрыклад, у спектаклі “Пачупкі” РТБД, заснаваным на фальклоры. А ў творы Кузняцова рух адваротны — ад драматызму да закалыхвання, супакаення, засынання. Вельмі беларускай атрымалася і “Тахікардыя”: статычная віяланчэль у нізкім рэгістры нагадвала гучанне дуды.
Партыта in D у арыгінале ўяўляе сабой чаргаванне стылізаванага барока струнных з сучаснымі маналогамі сольнага габоя. Але ж часткі не “склеены” ўсутыч, а накладаюцца: розныя эпохі быццам спрачаюцца за лідарства, не даючы адна другой “дагаворваць”. У ранейшым выкананні твора дырыжор Пётр Вандзілоўскі замяніў габой на флейту. Гэтую версію скарыстала і Людміла Каліноўская. У цяперашняй інтэрпрэтацыі атрымаўся іншы кантраст — не столькі розных стыляў, колькі аб’ектыўнага і суб’ектыўнага пачаткаў. Струнныя з іх жанравымі, нават танцавальнымі фрагментамі змяняліся флейтай, што існавала ў нейкай касмічнай пазачасавай прасторы. І спрактыкаваны калектывізм перамог непрыстасаваную індывідуальнасць.
Канцэрт уключаў і прымеркаваную да яго прэм’еру. “Меланхолія” — зусім не рамантызаваны сум, а своеасаблівае падарожжа ў музычнае мінулае. Пачатак з павольнай лініяй кантрабаса нагадваў пасакалію, далей узнікла падабенства фугі. Нарэшце наспеў час бетховенскай распрацоўкі і вяртання да барока. Толькі кампазітар Вячаслаў Кузняцоў у тым падарожжы выступаў не экскурсаводам, а стваральнікам уласных сусветаў — са спасылкамі на розныя эпохі.
“Мінская вясна” працягнецца да канца мая. Наперадзе — безліч выбітных канцэртаў. Не прапусціце!
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з архіва філармоніі