Ад бабулінага куфра да модных сукенак

Апублiкавана: 23 мая 2024 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: РУДАК Антон

З надыходам вясны ў Музеі гісторыі горада Мінска адкрылася часовая экспазіцыя “Якая цудоўная нявеста, і жаніх ёй да пары”, зладжаная сумесна з Брэсцкім абласным краязнаўчым музеем і Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту. Выстава знаёміць з гісторыяй вясельнай культуры і моды, а таксама сімволікай і сакральным зместам традыцыйных шлюбных абрадаў.

Адметна, што экспазіцыя размясцілася ў невыпадковым месцы — будынак выставачных залаў напрыканцы XIX і на пачатку ХХ стагоддзя выконваў функцыі яўрэйскага вясельнага дома з танцавальнай залай. Падчас адкрыцця выставы адбыўся паказ вясельных сукенак з калекцыі мастачкі Святланы Варабей, у якім узялі ўдзел мадэлі Нацыянальнай школы прыгажосці.

Традыцыйны ўбор свацці на выставе “Якая цудоўная нявеста, і жаніх ёй да пары”

Традыцыйны ўбор свацці на выставе “Якая цудоўная нявеста, і жаніх ёй да пары”

У экспазіцыі прадстаўленая калекцыя сукенак і аксесуараў ад 1950-х да сучаснасці з фондаў музеяў і прыватных калекцый. Таксама тут можна пабачыць вясельныя фота і альбомы, паштоўкі, запрашэнні, акты і пасведчанні аб заключэнні шлюбу розных перыядаў ХХ стагоддзя, атрыбуты, звязаныя з абрадам вянчання, — кароны жаніха і нявесты, іншыя царкоўныя артэфакты канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, а таксама кідушныя кубкі, якія выкарыстоўваліся падчас іўдзейскіх вяселляў.

РУЧНІКІ І ПЕР’Е 

Адкрываюць экспазіцыю прадметы, што даюць уяўленне аб традыцыйным вяселлі на Брэстчыне. У якасці вясельнага касцюма ў вёсках выступаў святочны традыцыйны строй з багатым тканым або вышываным дэкорам. Звяртае на сябе ўвагу і касцюм свацці, якая выконвала адмысловую ролю падчас вяселля і павінна была знешне адрознівацца ад астатніх госцяў. Самай яскравай дэталлю вобраза быў абрадавы галаўны ўбор, упрыгожаны пёрамі пеўня. 

Побач можна пабачыць абрадавыя ручнікі, якімі звязвалі рукі жаніха і нявесты, а таксама старадаўні куфар, дзе захоўваўся пасаг. Промысел вырабу вясельных размаляваных куфраў на Палессі ўзнік у пачатку ХХ стагоддзя у Іванаўскім і Драгічынскім раёнах і дасягнуў росквіту ў 1950-я. Дэкор куфраў заўсёды пераклікаўся з вышытым або тканым арнаментам посцілак і ручнікоў, распаўсюджаным у тым альбо іншым раёне, адпаведна адрозніваўся і іх асноўны колер.

вясельныя аксесуары і шлюбныя дакументы ХІХ і пач. ХХ ст.

Вясельныя аксесуары і шлюбныя дакументы ХІХ і пач. ХХ ст.

На працягу ХХ стагоддзя шлюбная абраднасць, як і адпаведная ёй мода, зазнала значныя змены, звязаныя з сацыяльнапалітычнымі зменамі ў грамадстве, якія непасрэдна ўплывалі на з’яўленне новых форм вясельнай культуры. Цікава, што звычай выходзіць замуж у белым зусім не старажытны, яму менш за 200 гадоў, а да той пары гэты колер зусім не асацыяваўся са святочным настроем. 

Наклалі адбітак на вясельную абраднасць і войны ХХ стагоддзя — вядома, людзі браліся шлюбам і ў такія часы, але вясельныя ўборы ў гэтых выпадках былі больш сціплымі альбо ўвогуле паўсядзённымі. Новая вясельная культура пачала фармавацца толькі ў пасляваенны час. Зрэшты, набыць дзясятак метраў матэрыі для сукенкі, якая будзе апранутая адзін раз, тады маглі сабе дазволіць далёка не ўсе, таму браліся шлюбам часта ў строях, што яшчэ маглі спатрэбіцца ў будучыні; распаўсюджанымі былі мадэлі з саціну, паркалю або нейлону, якія шылі самі або звярталіся да краўчых.

ТАЛОН НА ШЧАСЦЕ 

Як распавяла вядучы навуковы супрацоўнік музея Яўгенія Стальмахова, у 1950-я сфарміраваўся новы жаночы вобраз у стылі New Look, створаным знакамітым мадэльерам Крысціянам Дыёрам, з характэрнымі пышнымі спадніцамі і вузкай таліяй — у экспазіцыі можна пабачыць акурат падобную сукенку 1957 года з вёскі Агдэмер Драгічынскага раёна. Побач — характэрныя для 1960-х сукенкі-міні, якія набылі папулярнасць ужо з той прычыны, што для іх пашыву патрабаваўся мінімум тканіны — найчасцей крымплену ці нейлону. Вобраз нявесты дапаўняўся кароткім вэлюмам, штучнымі кветкамі ў валасах і лакіраванымі туфлямі. 

“Якая цудоўная нявеста, і жаніх ёй да пары” — часовая экспазіцыя ў Музеі гісторыі горада Мінска: калекцыя сукенак і аксесуараў, вясельных фотальбомаў, актаў аб заключэнні шлюбу, атрыбутаў, звязаных з абрадам вянчання, а таксама кідушных кубкаў.

У 1970-х распаўсюдзіліся карункавыя сукенкі ў падлогу. Для гэтага перыяду характэрныя кветкавыя ўзоры, шматлікія фальбоны, доўгія празрыстыя пальчаткі і доўгі вэлюм. Менавіта ў гэтыя гады ў СССР адкрываюцца вясельныя салоны, дзе можна набыць неабходныя аксесуары, атрымаўшы талон-запрашэнне на пакупкі для маладых, які выдавалі ў ЗАГСе пасля падачы заявы на шлюб. Гэта давала доступ да даволі абмежаванага набору рэчаў: абутку жаніха і нявесты, заручальных пярсцёнкаў і вясельнага адзення. Прадпрымальныя пары ішлі на хітрасць, падаючы заяву адразу ў два ЗАГСы па месцы рэгістрацыі абаіх маладых, каб атрымаць магчымасць набыць больш тавараў. Зрэшты, самыя нядобрасумленныя часам наогул знікалі пасля падачы заявы, як толькі атрымлівалі ў рукі запаветны талон. Калі ж справа ўсё-ткі насамрэч даходзіла да вяселля, пашыць сукенку, акрамя як у прыватных краўчых, можна было ў атэлье за 40-50 рублёў, але гэтая сума магла даходзіць і да 800.

Вясельныя сукенкі савецкіх гадоў

Вясельныя сукенкі савецкіх гадоў

Наступнае дзесяцігоддзе адзначылася больш раскошнымі ўборамі. Вызначальную ролю тут адыграла вяселле брытанскай прынцэсы Дыяны ўлетку 1981-га, якая задала моду на сукенкі з пышнымі рукавамі, незлічонымі фальбонамі, сотнямі жамчужын і шматметровым шлейфам. Савецкія вясельныя сукенкі таксама зрабіліся больш пышнымі, замест вэлюму ўсё часцей з’яўляўся дэкараваны бутонамі капялюшык. 

Касцюм жаніха на выставе прадстаўлены ўсяго двума гарнітурамі 1970-х і 1990-х, што тлумачыцца проста: пасля вяселля мужчыны і надалей выкарыстоўвалі свае строі па прызначэнні, а гэта, вядома, не спрыяла іх захаванасці. Многія рэчы, якія ёсць у экспазіцыі, былі перададзеныя ў фонды музея жыхарамі Мінска. Таксама арганізатары выставы абвясцілі збор электронных копій вясельных фотаздымкаў, што будуць дэманстравацца на экране, — іх можна прынесці ў музей альбо адсканіраваць і даслаць самастойна. Выстава працягнецца да 23 чэрвеня.

Антон РУДАК 

Фота аўтара