Маладняку аб вайне

Апублiкавана: 21 мая 2024 Стужка Музеі Мінск 80 мірных гадоў

Аўтар: Аўтары

Установы культуры прыкладаюць нямала намаганняў, каб перадаць гістарычную праўду пра Вялікую Айчынную вайну дзецям і моладзі. Адмыслова для юнай аўдыторыі распрацоўваюцца новыя праекты, што дазваляюць заглыбіцца ў мінулае і вынесці з тых трагічных і гераічных падзей урокі для будучыні.

РЭЙ ВЯДЗЕ СТАЛІЦА 

Тон у важнай справе задаюць рэспубліканскія ўстановы. У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны дзеці — заўжды чаканыя госці, да якіх адносяцца з увагай і клопатам. Доказам таму служыць асобная зала для юнай аўдыторыі, дзе праходзяць музейна-педагагічныя заняткі, лекцыі, майстар-класы і інтэрактыўныя праграмы. 

Хлопцам і дзяўчатам, якія ўжо бывалі ў скарбніцы і валодаюць агульнымі ведамі пра вайну, прапануюць тэматычныя экскурсіі, што раскрываюць асобныя тэмы з гісторыі Вялікай Айчыннай. Школьным і сямейным групам распавядаюць пра легендарныя артылерыйскія сістэмы Чырвонай арміі, тэхнічныя характарыстыкі і адметнасці разнастайнай стралковай зброі, подзвігі герояў. Ёсць экскурсіі, прысвечаныя барацьбе беларускага народа ў тыле ворага, злачынствам гітлераўцаў і калабарацыяністаў супраць мірнага насельніцтва.

Урок гісторыі ў астравецкім музеі

Урок гісторыі ў астравецкім музеі

Знаёмства малодшых школьнікаў з установай пачынаецца заняткамі “Вітаем, музей!”, падчас якіх дзеці вучацца беражліваму стаўленню да рэліквій і павазе да гістарычнай памяці. На сустрэчах “Салдацкі трыкутнік” хлопчыкі і дзяўчынкі разглядаюць вайну праз франтавыя лісты. А пра побыт байцоў можна даведацца на інтэрактыве “І спявае мне ў зямлянцы гармонік”.

Вялікай папулярнасцю карыстаецца незвычайная паслуга — экспрэс-выстава “Музей у чамадане”. Гэта альтэрнатыва класічнаму наведванню пастаяннай экспазіцыі. Навуковыя супрацоўнікі ў залежнасці ад тэмы адбіраюць артэфакты і выязджаюць ва ўстановы адукацыі ў сталіцы і рэгіёнах, выступаюць з захапляльнымі аповедамі і дэманструюць прадметы з чамадана. Пасля малеча можа ўважліва разгледзець рарытэты і нават патрымаць іх у руках, сфатаграфавацца з памяткамі мінулага. 

Адмысловыя музейна-педагагічныя заняткі распрацавалі і ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Сустрэчы “Жывая памяць аб вайне” разлічаны на школьныя групы з трэцяга па восьмы клас. Асновай гутаркі з навучэнцамі выступае біяграфія народнага мастака БССР і СССР Міхаіла Савіцкага, які спаўна зведаў выпрабаванні вайны і падарыў свету знакамітыя палотны аб той трагедыі. Таксама юным гасцям дэманструюць выпуск архіўнага кіначасопіса пра вызваленне Мінска ў 1944 годзе і творы айчынных мастакоў з фондаў установы, распавядаюць пра галоўныя падзеі Вялікай Айчыннай і пра генацыд беларускага народа. 

ІНТЭРАКТЫЎ І ДАСЛЕДАВАННІ 

Рэгіянальныя арганізацыі стараюцца не адставаць ад сталічных. У Клічаўскім краязнаўчым музеі адкрыўся новы раздзел экспазіцыі, прысвечаны вызваленню раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944-м. У аснову пакладзены свежыя звесткі пра тыя важныя гістарычныя перыпетыі і невядомыя раней імёны герояў. Такую інфармацыю ўдалося адшукаць дзякуючы карпатлівым даследаванням навуковых супрацоўнікаў. І вельмі сімвалічна, што першымі наведвальнікамі новай экспазіцыі сталі маладыя людзі — навучэнцы Клічаўскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Менавіта гэтае пакаленне мусіць пераняць эстафету ў старэйшых і надалей зберагаць памяць пра гераічнае мінулае нашага народа. 

Дзеці і падлеткі — ці не самыя частыя і актыўныя госці скарбніцы. І для іх музейныя работнікі пастаянна шукаюць цікавыя формы знаёмства з гісторыяй. Напрыклад, вучням Буйніцкай сярэдняй школы прапанавалі захапляльныя заняткі “Партызанскі спецназ”. Пасля экскурсіі па экспазіцыі хлопцы і дзяўчаты выправіліся ў мемарыяльны комплекс “Усакіна”, дзе не толькі паслухалі змястоўныя аповеды, але і прайшлі разнастайныя выпрабаванні, паглыбіўшыся ў атмасферу баявых заданняў народных мсціўцаў. Таксама навуковыя супрацоўнікі пастаянна ўдзельнічаюць у тэматычных адзіных уроках, інфармацыйных гадзінах і іншых мерапрыемствах у школах. Шчырую зацікаўленасць у дзяцей выклікалі, напрыклад, сустрэчы да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін, Дня памяці ахвяр Хатынскай трагедыі. 

Батл "Пазнай Пастаўшчыну"

Батл "Пазнай Пастаўшчыну"

У Пастаўскім раённым краязнаўчым музеі маладым людзям не проста прапануюць быць слухачамі ды атрымліваць гатовую інфармацыю ад навуковых супрацоўнікаў, а самім паўдзельнічаць у даследчай рабоце. Так школьнікі і апекаванцы мясцовага каледжа далучыліся да праекта “Імёны герояў — у назвах вуліц”. Падчас адмысловых сустрэч у музеі ды ўстановах адукацыі падлеткі выступаюць з дакладамі пра слаўныя біяграфіі абаронцаў і вызваліцеляў, чые імёны нададзены вуліцам райцэнтра і іншых населеных пунктаў краю. 

Не менш моладзі прыцягнуў праект “Пастаўшчына. Кожны крок — гісторыя”. У межах ініцыятывы ахвотныя вандруюць па спецыяльных маршрутах, завітваюць у памятныя мясціны, адкрываюць для сябе новыя старонкі мінулага. Асобнае падарожжа было прысвечана партызанскаму руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А замацаваць веды ўдзельнікі змаглі падчас нядаўняга інтэлектуальнага батла “Пазнай Пастаўшчыну”. 

ДАДАТАК ДА ПАДРУЧНІКА 

У лютым Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў пытанні выкарыстання рэсурсаў музеяў у патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі. Дакумент паклаў пачатак праекту “Урок у музеі”. Цяпер настаўнікі гісторыі, грамадазнаўства, літаратуры, сусветнай мастацкай культуры пры дапамозе навуковых супрацоўнікаў могуць ладзіць заняткі па тэмах школьнай праграмы ў адпаведных экспазіцыях. У 80-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў такі фармат асабліва актуальны для музейных раздзелаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. 

Плён праекта ўжо навідавоку. Нестандартныя ўрокі ладзяцца ў шматлікіх установах краіны і выклікаюць непадробную цікавасць у дзяцей ды падлеткаў. Прыкладам, хлопцы і дзяўчаты з Сароцкай сярэдняй школы Любанскага раёна нядаўна наведалі часовую экспазіцыю “Вызваленне Еўропы” Музея народнай славы. Выстава цяпер даступная ў іх аграгарадку. Дзякуючы навуковым супрацоўнікам змест заняткаў выйшаў за межы падручніка — і дзятва дазналася пра гераічных землякоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні краін Еўропы ў 1944—1945 гадах. Асветніцкая навацыя прыжылася ў розных кутках Беларусі. Захопленымі водгукамі дзеляцца наведвальнікі Астравецкага гісторыка-этнаграфічнага музея, Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея імя П. І. Баграціёна і дзясяткаў іншых скарбніц памяці. 

Фота з архіваў устаноў культуры