Тут нарадзіўся стваральнік беларускага містычнага дэтэктыва Уладзімір Караткевіч. Жыў і гераічна змагаўся легендарны партызан Канстанцін Заслонаў. Сёння мы выпраўляемся ў Оршу — завітаем у скарбніцы, якія шануюць і зберагаюць памяць аб славутых імёнах.
Яскравае жыццё партызанскага камбрыга служыла прыкладам не аднаму пакаленню савецкіх людзей. Для ўвекавечання яго імя 1 жніўня 1948 года быў адкрыты Мемарыяльны музей Героя Савецкага Саюза К.С. Заслонава. Першапачаткова скарбніца размяшчалася ў Доме культуры. У 1952-м пад экспазіцыі перадалі будынак былога Дома піянераў. У зборы экспанатаў удзельнічалі партызаны — паплечнікі героя, яго таварышы па працы на чыгунцы, мясцовыя жыхары і супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Установа плённа дзейнічала да 2016-га, пакуль ураганны вецер не пашкодзіў будынак. Яго прыйшлося знесці, і нейкі час прадметы экспанаваліся на стацыянарнай выставе “Легендарны камбрыг К.С. Заслонаў” у Музеі гісторыі і культуры горада Оршы. У 2020-м было прынята рашэнне аб узвядзенні будынка на ранейшым месцы — недалёка ад вакзала. І 18 жніўня 2022 года новы музей расчыніў дзверы для наведвальнікаў. Яго канцэпцыя змянілася. Дзякуючы павялічаным плошчам экспазіцыя і тэматыка значна пашырыліся. Цяпер акрамя “заслонаўскай” сюжэтнай лініі прадстаўлены падзеі ўсяго перыяду Вялікай Айчыннай вайны на Аршаншчыне.
Фрагменты экспазіцыі Аршанскага музея У.С. Караткевіча
Загадчыца Ваенна-гістарычнага музея імя Героя Савецкага Саюза К.С. Заслонава Вераніка Юр’ева адзначае, што новы будынак і прылеглая тэрыторыя сталі для гараджан месцам памяці, гонару і радасці за Вялікую Перамогу.
Экспазіцыю стварылі мінскія спецыялісты на аснове ўжо наяўнай калекцыі за два з паловай месяцы. У ёй — больш за 500 прадметаў. Сярод цікавых сучасных аздабленняў — атмасфернае музычна-гукавое суправаджэнне.
У першай зале паказаны міжваенны перыяд — развіццё горада, яго захоп і ўсталяванне акупацыйнай улады. Вельмі кранальны экспанат — дзённікі сям’і Гладковых. Пара пабралася шлюбам напярэдадні вайны. Падчас акупацыі Марыя ў Горацкім раёне працавала медсястрой, а Віталь партызаніў у брыгадзе Заслонава. Не маючы сувязі, нічога не ведаючы пра лёс адно аднаго, маладыя людзі вырашылі весці дзённікі. Марыя напісала шэсць сшыткаў, Віталь восем. Праз два гады пара выпадкова сустрэлася. Яны абмяняліся дзённікамі і больш ужо не расставаліся. У 2014-м іх дачка перадала запісы музею.
Кацярына Малчанава
Увагу прыцягваюць і агітплакаты, і муляж паравоза часоў Вялікай Айчыннай вайны, які выкарыстоўваецца як фотазона.
Другая зала прысвечаная гісторыі акупацыі і распавядае пра генацыд мірнага насельніцтва Беларусі. Тут экспануюцца фатаграфіі Аршанскага гета, пакарання мясцовых падпольшчыкаў. Факты, якія паведаміла Вераніка Юр’ева, шакуюць. Да вайны ў горадзе пражывала 40 тысяч чалавек. На момант вызвалення ў Оршы засталося ўсяго 3 тысячы. Вядома, хтосьці змог эвакуіравацца, але пасля перамогі пры будаўніцтве адной з фабрык ільнокамбіната выявілі масавае пахаванне каля 25 тысяч чалавек. Былі і іншыя пахаванні…
Гэтая частка экспазіцыі выклікае вялікі смутак. Да месца тут прыйшліся рэпрадукцыі карцін народнага мастака СССР Міхаіла Савіцкага, які быў вязнем фашысцкіх канцлагераў у Дзюсельдорфе, Бухенвальдзе і Дахау.
Зала Канстанціна Заслонава распавядае не толькі пра яго подзвігі, але і якім ён быў чалавекам. Мала хто ведае, што герой-партызан добра маляваў. Гэты дар перадаў у спадчыну ўнуку Раману Заслонаву, які стаў прафесійным мастаком. З ім музей падтрымлівае сувязь. Недалёка ад установы, у прывакзальным скверы, пахаваны прах легендарнага камбрыга.
Важна адзначыць, што 10 ураджэнцаў Оршы ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, яшчэ 11 атрымалі гэтае званне за вызваленне горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёння ў музеі захоўваюцца ўзнагароды, якія перадалі нашчадкі ўдзельнікаў вайны. Асаблівыя пачуцці выклікаюць моманты, калі бацькі прыводзяць сюды дзяцей і паказваюць ім ордэны ды медалі прадзедаў.
Кацярына Малчанава, загадчыца Аршанскага музея У.С. Караткевіча, з гонарам падкрэслівае, што іх установа месціцца ў помніку архітэктуры. Тут калісьці была радзільня, дзе 26 лістапада 1930 года з’явіўся на свет будучы класік беларускай літаратуры.
Творы Уладзіміра Караткевіча пакідаюць глыбокі след у душах чытачоў, таму для Кацярыны Малчанавай не дзіўна, калі наведвальнікі адзначаюць, што адчуваюць у старадаўнім будынку дух Караткевіча. Тут нават ёсць адмысловы музейны анёл — мастацкае ўвасабленне пісьменніка. Яго зрабілі майстры Аршанскага дома рамёстваў.
Асабістыя рэчы літаратара, яго сваякоў і сяброў — самыя каштоўныя і рарытэтныя экспанаты музея. Першая зала канцэптуальна прадстаўляе розныя перыяды жыцця пісьменніка і мае назву “Вокны Караткевіча”. Кожнае з іх нібыта пераносіць у дзяцінства, эвакуацыю, пасляваенныя падлеткавыя гады ў Оршы, творчае жыццё класіка ў Мінску. Таксама можна даведацца пра студэнцкія гады ў Кіеве, вучобу на вышэйшых літаратурных курсах у Маскве.
Фрагмент экспазіцыі Мемарыяльнага музея Героя Савецкага Саюза К.С. Заслонава
У гэтым музеі пачынаеш усведамляць усю моц уплыву Караткевіча на развіццё айчыннай культуры ў другой палове мінулага стагоддзя. Творца пісаў раманы, вершы, казкі, сцэнарыі кінастужак, тэатральныя п’есы. Да прыкладу, “Беларусьфільм” выпусціў не толькі ўсім вядомыя “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Чорны замак Альшанскі”, але і тры выдатныя мультфільмы для дзяцей па яго казках.
Наведвальнікаў у музеі шмат. Многа падлеткаў, моладзі. Пэўную ролю адыгрывае тое, што творы Караткевіча ўключаны ў школьную праграму. Але хапае і дарослых, якія мэтанакіравана прыязджаюць сюды з розных гарадоў Беларусі і замежжа. Геаграфія вельмі шырокая, адзначае Кацярына Малчанава.
Супрацоўнікі ўстановы імкнуцца прапанаваць гасцям усялякія цікавінкі. Квэсты распрацаваныя пад розныя ўзроставыя катэгорыі — у гульнявой форме людзі лепей засвойваюць інфармацыю. Штогод музейныя мерапрыемствы і экспазіцыю наведваюць больш за шэсць тысяч чалавек.
Віктар ГАЎРЫШ
Фота аўтара