Сеанс гештальт-тэрапіі

Апублiкавана: 20 мая 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

На чорнай-чорнай вуліцы... У сталічным тэатры лялек з’явіўся спектакль для дарослых, прысвечаны дзіцячым жахалкам. З адной з іх і была пазычана назва.

Вы ніколі не задумваліся, што дзіцячыя казкі — таксама жахалкі? Ды яшчэ якія! Асабліва калі чытаць той жа фальклор у арыгінале, бо ён прызначаўся, як і ў цяперашнім выпадку, для дарослых. Ды і аўтарскія казкі мінулага ў большасці разлічваліся як мінімум на моладзь, а ў ХХ стагоддзі былі настолькі перайначаныя-адаптаваныя, што часам адыходзілі ад пачатковага варыянту вельмі і вельмі далёка, амаль непазнавальна. Яўген Карняг, галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, спалучае “чорны” гарадскі фальклор з пераасэнсаванымі казкамі Андэрсана, у якіх выяўляе яшчэ больш дарослых адгалінаванняў, чым было ў аўтара (між іншым, Андэрсан пісаў выключна хрысціянскія гісторыі, своеасаблівыя біблейскія прыпавесці, скрозь заснаваныя на сімвалізме персанажаў, іх імёнаў, саміх сюжэтных хадоў). 

Cпектакль "На чорнай-чорнай вуліцы..."

Cпектакль "На чорнай-чорнай вуліцы..."

У спектаклі, жанрава акрэсленым як “чорнаячорная камедыя”, многа гумару. Але ёсць і папраўдзе трагічныя павароты, што вымушаюць задумацца пра дачыненні дарослых і дзяцей, нескарыстаныя магчымасці ўзаемаразумення. У казцы “Дзяўчынка з запалкамі” гераіня гіне, бо баіцца ісці дадому: маці памерла, а бацька прыб’е за тое, што не прадала ніводнай запалкі. Хай сёння такая сітуацыя выключаная (сацыяльныя работнікі адсочваюць небяспечныя сем’і), але ж ці заўсёды мы гатовыя правільна дапамагчы дзіцяці справіцца са страхамі? Здараецца і наадварот: мы самі часам пужаем дзіця — з найлепшых памкненняў. Ды тыя, здавалася б, бяскрыўдныя дзіцячыя страхі могуць раптам абярнуцца незваротнай трагедыяй.

Страхі разглядаюцца паслядоўна. Спачатку, на прыкладзе “Брыдкага качаняці”, — дзіцяча-падлеткавая боязь быць не такім, як усе. Потым — праблемы няшчаснага кахання, уласцівыя моладзі (“Русалачка”). Страх нявыкананай працы, вечнага цэйтноту. Нарэшце, смерці. 

Cпектакль "На чорнай-чорнай вуліцы..."

Так, гэты спектакль — пра жыццё і смерць. Апошняя паўстае ў двух розных абліччах — мужчынскім і жаночым, прычым зусім не старэчым, а гулліва-падлеткавым, амаль дзіцячым, з анёльскім галаском і сарамлівымі манерамі. Стваральнікі і артысты спакваля, даволі паступова, ды няўмольна вядуць нас да прыняцця смерці як жыццёвай неабходнасці, якая не міне нікога. Смерці як спакою. І разумення таго, што нельга выратоўваць чыёсьці жыццё за кошт смерці іншых (“Гісторыя адной маці”). Але заканчваецца спектакль на аптымістычнай, жыццесцвярджальнай ноце — у самым прамым сэнсе. Бо фіналам становіцца чарговая песня, і яе, нарэшце, развучваюць разам з залай. Прапрацаваныя, забяспечаныя доляй іроніі і здаровага сэнсу, страхі сыходзяць. Чым не гештальт-псіхалогія? І спектакль пра смерць, якой не след баяцца, адчуваючы панічныя атакі, абарочваецца гімнам жыццю, жаданнем спасцігаць кожнае яго імгненне як найвялікшы падарунак лёсу. 

Вядомыя казкі атрымліваюць новыя падрабязнасці. Лебедзяня пужаецца, калі бачыць птушак, што яго не прымалі, засмажанымі на грылі. Прынц у “Русалачцы” паўстае манекенам. Ды яшчэ без галавы. Русалачка закідвае яго свежай рыбай — ён не рэагуе. Яна не ведае, што рабіць з нагамі замест хваста, таму не можа выбрацца з палонкі і нават дацягнуцца да нажа, каб забіць каханага, дзеля якога яна ахвяравала сваёй індывідуальнасцю. У “Дзікіх лебедзях” раптам узнікаюць паралелі з антычнай Антыгонай: сястра хоча не выратаваць сваіх зачараваных братоў, а годна пахаваць іх, даўно ўжо забітых. Правакацыйным становіцца інтэрактыў: публіка збірае і перадае на сцэну галлё для вогнішча інквізіцыі. 

Мастак-пастаноўшчык Таццяна Нерсісян стварае нязвыклае відовішча. Штосьці накшталт вялізнай шафы з высоўнымі шуфлядамі аказваецца ячэйкамі-камерамі ў моргу. Сцэнічная прастора пашырана і за кошт подыума, які сыходзіць у залу, і праз дэталі сцэнаграфіі, што сустракаюць гледача на ўваходзе, схаваныя пад крэсламі. Лялькі — самыя розныя: ад простых дзіцячых цацаккаталак з ручкай да масак, складаных “ажылых” канструкцый, пераўтварэнняў, фокусаў, годных цырка. 

Cпектакль "На чорнай-чорнай вуліцы..."

Музыка Кацярыны Аверкавай — гэта і рознасты- лёвыя песні, уключаючы прыпеўкі, і таямніча-атмасферная фонасфера. Мы даўно прызвычаіліся, што вакал нашых лялечнікаў не саступае рабоце прафесійных спевакоў. У свой час тут ставіліся і “Папялушка” паводле аднайменнай оперы Расіні, і канцэртныя нумары на аснове арый Моцарта. Цяперашні спектакль — чарговае пацвярджэнне акцёрскай універсальнасці. 

Сямёра задзейнічаных у пастаноўцы артыстаў могуць усё: не проста ўпраўляц- ца з лялькамі, а папраўдзе ажыўляць іх; іграць жывым планам лепей, чым у многіх драмтэатрах; спяваць і танчыць, як у мюзікле; хадзіць на хадулях, як у цырку; смяшыць і адбудоўваць дыялогі з залай, бы найлепшыя комікі ў якіх-небудзь шоу. А галоўнае, што вынікам усяго гэтага становіцца не толькі фантан эмоцый, які пырскае эстэтычным задавальненнем і радасцю спазнання прыгожага, але і суцэльны рой думак. Яны нараджаюцца ў кожнага гледача паасобку, могуць прынцыпова адрознівацца ад думак суседа. І вядуць да непрадказальных адкрыццяў чагосьці вельмі важнага ў самім сабе — зноўтакі, строга індывідуальна. 

Пасля прагляду спектакль хочацца наведаць нанова. Сесці ў іншую частку залы, знайсці новы ракурс не толькі ўласна тэатральнага дзеяння, але і яго асэнсавання. Такая пазіцыя гледача — гарантыя доўгага і шчаслівага жыцця сцэнічнага твора. Я ж казала: ён менавіта пра жыццё. Як і знакамітая трыяда аўтарскіх спектакляў той жа пастаноўчай каманды ў РТБД: “Шлюб з ветрам”, “Пачупкі”, “Забалоцце”. “На чорнай-чорнай вуліцы” — быццам працяг гэтай трылогіі. Яе пастскрыптум, які знітоўвае ўсё ранейшае і адкрывае новыя мастацкафіласофскія далягляды. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіва тэатра